ГІПЕРГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
седыментагенныя радовішчы, экзагенныя радовішчы, паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.), інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)